Культура
У ГЦК прайшоў абласны адборачны тур нацыянальнага фестывалю беларускай музыкі і паэзіі "Маладзечна-2024"
24.01.2024

У гэтым годзе ўдзельнікаў як ніколі шмат. На сцэне выступілі адзінаццаць вакалістаў. Малодшаму – 15 гадоў, старэйшаму – 31.
– Мы пачуем вартыя кампазіцыі, – расказала мастацкі кіраўнік, выконваючая абавязкі дырэктара абласной філармоніі Вікторыя Чарнова. – Удзельнікі прадставяць дзве рознахарактарныя песні беларускіх аўтараў. Заўсёды цікава ўбачыць новыя твары, пачуць новыя галасы. Усе канкурсанты ўдзельнічаюць у конкурсе ўпершыню. Магчыма, на зорным небасхіле зазіхаціць зорачка, якую мы тут адкрыем.
Тры пераможцы абласнога этапа прадоўжаць барацьбу ў адборачным туры ў Мінску, а летам выступяць у Маладзечне. Фіналісты нацыянальнага конкурсу выканаюць гэтыя ж кампазіцыі, адну з якіх – у суправаджэнні аркестра імя Міхаіла Фінберга.