Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Меню
Галоўная Навіны Спорт i турызм

Спорт i турызм

"Полымя міру" II Еўрапейскіх гульняў сустрэлі ў Гомелі

Гомель /Кар. БЕЛТА/. На пляцоўцы каля Лядовага палаца больш за тысячу гамяльчан і гасцей рэгіёна віталі ўдзельнікаў эстафеты "Полымя міру" II Еўрапейскіх гульняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

 

Удзельнікаў вітаў старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка. Ён павіншаваў прысутных з яркай падзеяй і пажадаў эстафеце агню II Еўрапейскіх гульняў добрага шляху па вуліцах горада над Сожам.

 

Факел ад дастаўленай лампады запалілі граданачальнік разам са старшынёй Беларускай федэрацыі альпінізму, заслужаным трэнерам Беларусі, які здзейсніў узыходжанні на Эльбрус, Бялуху, пік Леніна, пік Балівара, Нанга-Парбат, Аляксандрам Гадлеўскім. Шэсце агню па горадзе ў рэтрамабілі прадоўжыў канаіст, першы ў гісторыі беларускага спорту алімпійскі чэмпіён 1960 года, чэмпіён свету, заслужаны майстар спорту СССР, заслужаны трэнер БССР, заслужаны дзеяч фізічнай культуры і спорту БССР Леанід Гейштар. У 1960 годзе на Алімпійскіх гульнях у Рыме ён заваяваў залаты медаль. А памятнае фота з італьянскай сталіцы, дзе быў запалены агонь II Еўрапейскіх гульняў, захоўвае шмат дзесяцігоддзяў.

 

Таксама Леанід Гейштар пажадаў гамяльчанам здароўя і шчасця. На яго думку, галоўнае, каб дзеці займаліся ў спартыўных секцыях, былі захоплены фізічнай культурай - гэта важны выхаваўчы момант. "Спартсменам - моцнага здароўя, настрою і выступіць лепш, чым у Баку на I Еўрапейскіх гульнях. А нашым веслярам - лёгкай вады пад кілем. Яны ніколі не падводзілі", - падкрэсліў ён.

 

Рады сустрэчы з родным горадам і вядомы акцёр тэатра і кіно, тэатральны рэжысёр Павел Харланчук-Южакоў, бо ганаровая місія яму даверана ў мясціне, дзе ён нарадзіўся. Ён пажадаў спартсменам дастойна прадставіць рэспубліку на мультыспартыўным спаборніцтве. "Важна, каб яны пераўзышлі свае асабістыя рэкорды: прабеглі хутчэй, чым могуць, нырнулі глыбей, чым могуць. Зрабілі немагчымае", - сказаў ён, дадаўшы, што спорт - магчымасць чалавека паказаць сваю сілу і фізічныя магчымасці.

 

У далейшым факел "Полымя міру" пяройдзе да заслужанага майстра спорту СССР, сярэбранага прызёра Алімпійскіх гульняў (1992), чэмпіёна свету па вольнай барацьбе, заслужанага трэнера Беларусі Сяргея Смаля, кіраўніка міжнароднага форуму моды Belarus Fashion Week і агенцтва "Адкрыты подыум" Яніны Ганчаровай. Усяго больш за 40 захавальнікаў "Полымя міру" пранясуць яго па Гомельскай вобласці.

 

Маршрут галоўнага сімвала еўрапейскага мультыспартыўнага спаборніцтва праходзіць па знакавых мясцінах абласнога цэнтра. Перадаючы факел з рук у рукі, захавальнікі "Полымя міру" наведалі самае салодкае прадпрыемства - фабрыку "Спартак". Умелыя кандытары вырабілі і ўручылі гасцям шакаладную копію факела ў натуральную велічыню.

 

Шмат цікавых падзей рыхтуюць у рэгіёне па маршруце эстафеты агню II Еўрапейскіх гульняў. Сімвал спаборніцтва пранясуць па знакавых і славутых мясцінах. Караван пройдзе праз Гомель, Жлобін, нацыянальны парк "Прыпяцкі", Тураў, Мазыр. Затым сімвал адправіцца ў Мінскую вобласць.

 

Маршрут эстафеты завершыцца 21 чэрвеня на Нацыянальным алімпійскім стадыёне "Дынама" - у час цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў будзе запалены агонь форуму.

 

II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту.

Апошнія навіны

Усе навіны