Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Грамадства
Грамадства

Хакей павінен перамагчы "брудную" палітыку - дэпутат

26.11.2020
У час падпісання звароту
У час падпісання звароту
26 лістапада, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Спорт павінен перамагчы "брудную" палітыку. Такое меркаванне выказаў 25 лістапада дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, старшыня Гомельскага абласнога ГА "Федэрацыя хакея" Віталь Уткін у час падпісання звароту аб падтрымцы правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў 2021 годзе ў Беларусі да прэзідэнта Федэрацыі хакея Расіі Уладзіслава Траццяка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Гомельскім лядовым палацы сабраліся пачаткоўцы і вопытныя хакеісты, ветэраны спорту, аматары хакея, якія выказаліся супраць ідэі аб пераносе 84-га чэмпіянату свету па хакеі з Беларусі.

"У нашай краіне любяць хакей, і права на правядзенне чэмпіянату свету трэба адстаяць перад "бруднай" палітыкай, з якой ён сутыкнуўся", - перакананы Віталь Уткін. Паводле яго слоў, у гісторыі нямала прыкладаў, калі на час Алімпійскіх гульняў спыняліся ваенныя дзеянні, разлады. "Няхай і цяпер пераможа спорт, пераможа хакей. І няхай з вуліц нашых гарадоў знікнуць масавыя беспарадкі, "брудная" палітыка", - сказаў парламентарый.

У звароце адзначаецца, што Беларусь - незалежная дзяржава, і толькі беларусам і IIHF трэба вырашаць, дзе і як будзе праводзіцца чэмпіянат свету: "Наша краіна не павінна пазбаўляцца права правядзення ЧС па хакеі з-за створанага негатыўнага эмацыянальнага меркавання шляхам своеасаблівай інфармацыйнай вайны. Нашы апаненты вядуць спекуляцыі, расхістваюць хакейную сітуацыю".

"Ёсць выдатны алімпійскі прынцып - спорт па-за палітыкай. Зыходзячы з яго, мы ўпэўнены: хакею не пойдзе на карысць тое, што гучыць у заявах розных палітыкаў. Спорт не павінен быць рычагом націску з боку знешніх сіл", - гаворыцца ў звароце.

Віталь Уткін дадаў, што дата падпісання выбрана невыпадкова. "26 лістапада 77 гадоў таму вызвалілі Гомель ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мы, нашчадкі дзядоў і прадзедаў, якія адстаялі Перамогу, таксама цяпер будзем адстойваць сваё права на міжнародным узроўні правесці чэмпіянат", - удакладніў ён.

Зварот 25 лістапада падпісалі прадстаўнікі спартыўнай грамадскасці Гомеля. Паводле слоў Віталя Уткіна, будзе прадуманы механізм, які дасць магчымасць далучыцца да ініцыятывы ўсім жадаючым. Пасланне накіруюць прэзідэнту Федэрацыі хакея Расіі Уладзіславу Траццяку з просьбай хадайнічаць перад кіраўніком Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазелем аб правядзенні ЧС-2021 у Беларусі.

Сярод тых, хто паставіў подпіс у звароце, - трэнер-выкладчык ДЮСШ - ХК "Гомель" Вячаслаў Звераў. Ён звярнуў увагу, што Беларусь з'яўляецца прадаўжальнікам савецкай школы хакея, а выхаванцы беларускага хакея гуляюць на сусветных арэнах. "Вялікі скачок у развіцці хакея адбыўся за гады незалежнасці Беларусі. Пабудаваны сучасныя спартыўныя комплексы, аб'екты з развітой інфраструктурай, якія дапамагаюць развівацца як прафесійным клубам, так і аматарскім калектывам, адкрыты дзіцячыя спартыўныя школы. І праведзены ЧС у Мінску ў 2014 годзе даказаў: Беларусі пад сілу самы высокі ўзровень правядзення спаборніцтваў", - падкрэсліў трэнер.

Капітан хакейнай каманды "Гомель-2005" Мацвей Раманюк таксама лічыць, што Беларусь павінна адстаяць сваё права правесці ЧС-2021. "Зусім няправільна змешваць спорт з палітыкай. Беларусь павінна правесці гэты чэмпіянат. Гэта вельмі важна", - дадаў юны хакеіст.-0-

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ