Гомельскі аблвыканкам. Афiцыйны партал

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Грамадства
Грамадства

У Гомельскай вобласці ад грыпу плануюць прышчапіць больш за 540 тыс. чалавек

05.10.2022

5 кастрычніка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. У Гомельскай вобласці ў гэтым годзе плануецца прышчапіць супраць грыпу больш за 540 тыс. чалавек, або каля 40 працэнтаў насельніцтва, у групах рызыкі - да 75 працэнтаў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Лілія Астапенка.

Прышчэпачная кампанія супраць грыпу ў гэтым годзе праходзіць ва ўмовах распаўсюджвання каранавіруса, звярнула ўвагу загадчыца аддзялення. "Спалучэнне каранавіруснай інфекцыі і сезоннага грыпу, так званая мікст-інфекцыя, уяўляе сур'ёзную пагрозу для здароўя", - падкрэсліла яна.

Паводле слоў урача-эпідэміёлага, вакцынацыя сучаснымі прэпаратамі суправаджаецца не толькі фарміраваннем у чалавека спецыфічных антыцел да штамаў віруса грыпу, але і ранняй актывацыяй клетачных механізмаў процівіруснага імуннага адказу, які прыводзіць да зніжэння захваральнасці на грып і іншыя вострыя рэспіраторныя інфекцыі.

"Вакцынавацца ад грыпу ў 2022 годзе неабходна, паколькі сімптомы гэтага захворвання і каранавіруснай інфекцыі могуць быць вельмі падобныя. Вакцынацыя ад грыпу дасць магчымасць урачу дакладней паставіць дыягназ у выпадку захворвання каранавірусам і засцеражэ чалавека ад мікст-інфекцыі", - адзначыла Лілія Астапенка.

"У гэтым сезоне будуць цыркуляваць вірусы грыпу, ад якіх мы не прышчэпліваліся ні ў мінулым годзе, ні ў папярэднія. Таму імунізацыя ад грыпу як ніколі актуальная", - дадала яна.

Урач-эпідэміёлаг падкрэсліла: у калектыве, дзе прышчэплены 40 працэнтаў людзей, парушаецца ланцужок перадачы віруса грыпу ад хворага чалавека здароваму, а значыць, эпідэмія немагчыма ў прынцыпе.

Бясплатную вакцынацыю супраць грыпу атрымаюць больш за 32 працэнты вобласці. Для імунізацыі на бюджэтнай аснове выкарыстоўваюць "Грыпол плюс" расійскай вытворчасці. Гэтай вакцынай будуць прышчэпліваць людзей з груп высокай рызыкі заражэння і неспрыяльных наступстваў захваральнасці на грып. Гэта дзеці ад 6 месяцаў да 3 гадоў, дзеці і дарослыя, якія маюць хранічныя захворванні, людзі старэйшыя за 65 гадоў, цяжарныя, дзеці, якія наведваюць дзіцячыя дашкольныя ўстановы, школьнікі, студэнты ВНУ, медработнікі і інш. На платнай аснове прапануюць "Грыпол плюс" (РФ) і "ВаксігрыпТэтра" (Францыя).

"У мінулым сезоне ад грыпу былі прышчэплены амаль 570 тыс. чалавек. Вопыт выкарыстання вакцын супраць грыпу пацвярджае бяспеку імунізацыі - выпадкі сур'ёзнай пабочнай рэакцыі на ўвядзенне прэпаратаў не рэгістраваліся. Такія рэакцыі, як кароткачасовае павышэнне тэмпературы цела, балючасць і зацвярдзенне ў месцы ін'екцыі, з'яўляюцца заканамернымі. Яны сведчаць аб пачатку фарміравання імунітэту", - растлумачыла ўрач-эпідэміёлаг.

Яна ўдакладніла: штогадовая імунізацыя і рэкамендуемы Міністэрствам аховы здароўя ахоп прышчэпкамі забяспечваюць эпідэміялагічную стабільнасць у рэгіёне. "На працягу апошніх сямі эпідэміялагічных сезонаў не было эпідэміі грыпу", - рэзюмавала Лілія Астапенка.-0-
К СПИСКУ НОВОСТЕЙ