Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Эканомiка
Эканомiка

Паўночны актыў "Беларуснафты" плануе павялічыць здабычу газу да 1 млрд куб.м за год

18.01.2021
Фота neft.by
Фота neft.by
18 студзеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. У паўночным актыве кампаніі "Беларуснафта" - ААТ "НК "Янгпур" - плануюць павялічыць здабычу газу да 1 млрд куб.м за год. Такіх аб'ёмаў хапіла б для забеспячэння беларускага рэгіёна, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе "Беларуснафты".

У 2020 годзе ў "Янгпуры" здабылі 215 тыс. т нафты і больш за 870 млн куб.м спадарожнага і прыроднага газу. Гэта максімальны вынік за ўсю гісторыю прадпрыемства. "Нягледзячы на складанасці ў рабоце, выкліканыя пандэміяй, калектыў ААТ "НК "Янгпур" у 2020 годзе спрацаваў паспяхова. І рэкордныя паказчыкі па здабычы тут маюць намер павялічыць", - адзначылі ў прэс-службе.

Паводле слоў дырэктара ААТ "НК "Янгпур" Аляксандра Палякова, у кампаніі скрупулёзна працуюць з усімі актывамі і напрамкамі: ад пошукавых работ да распрацоўкі і падбору неабходных тэхналогій. Менавіта гэта і дае патрэбны станоўчы эфект. У 2020 годзе праводзілася геолагаразведка на Заходне-Ізвесцінскай плошчы, выконваліся геолага-тэхнічныя мерапрыемствы на Асеннім і іншых радовішчах.

Самы бурны рост у 2020 годзе адзначаны ў газавым блоку "Янгпура". Здабыча прыроднага газу патроілася.

Асноўны аб'ём дае нафтагазакандэнсатнае Мецельнае радовішча, адкрытае ў 2015 годзе.

Даследаванні, выпрабаванні пластоў, ацэнка, бурэнне і асваенне свідравін, праектная дакументацыя, адвядзенне зямельных участкаў, будаўніцтва газавага промыслу і, нарэшце, урэзка ў трубу "Газпрама" - на рэалізацыю ўсіх этапаў такога праекта ідзе звычайна сем гадоў, падкрэсліў Аляксандр Палякоў. "Зроблена вельмі шмат. Мы працавалі паэтапна, з апярэджаннем. У аператыўным рэжыме рыхтавалі і зацвярджалі праектную дакументацыю. Недзе рызыкавалі, але інакш камерцыйнага рэзультату дасягнуць складана", - дадаў ён.

Апераджальнымі тэмпамі на прадпрыемстве ўзводзілі і інфраструктуру. У 2019-м адкрыўся газавы промысел. Пабудавана ўжо трэцяя тэхналагічная лінія падрыхтоўкі прыроднага газу, запушчана ўстаноўка стабілізацыі газакандэнсату на другой лініі, створана інфраструктура на трэцім кусце. Менавіта ён і дае асноўны аб'ём вуглевадародаў Мяцельнага радовішча. Гэта дало магчымасць дадаткова рэалізоўваць у сістэму ПАТ "Газпрам" 1 млн куб.м прыроднага газу за суткі, падкрэслілі на прадпрыемстве.

Цяпер на радовішчы эксплуатуецца 11 свідравін. За суткі актыў дае 3 млн куб.м прыроднага газу і больш за 240 т газакандэнсату. "І калі асноўныя вялікія газавыя і газакандэнсатныя паклады паспяхова ўжо ўведзены ў эксплуатацыю, то нафтавы на Мяцельным быў адкрыты ўпершыню. Адбылося гэта ў мінулым годзе. Дэбіт - 20 т нафты за суткі", - растлумачылі ў прэс-службе. Спецыялісты падбіраюць тэхналогіі свідравання і асваення, займаюцца тэхніка-эканамічным абгрунтаваннем будаўніцтва інфраструктуры.

"Наш патэнцыял сутачнай здабычы складае 3,5 млн кубаметраў прыроднага газу. Фактычна пытанне ўжо не ў здабычы, а ў магчымасцях газаправодаў, допуску ў сістэму "Газпрама", які ўстанаўлівае ліміт на прапампоўку газу. Вядзецца ацэнка нашага патэнцыялу, наколькі мы можам павялічыць сваю долю ў сістэме "Газпрама", - удакладніў Аляксандр Палякоў.

Для НК "Янгпур" 2020-ы складваўся паспяхова і ў продажы прадукцыі. "Кампанія рэалізуе нафту, газакандэнсат, газ, фракцыю дызельнага паліва і праз прамыя доўгатэрміновыя кантракты, і з дапамогай таргоў на Санкт-Пецярбургскай міжнароднай таварна-сыравіннай біржы. Схема для беларускіх нафтавікоў новая, але ўжо шмат у чым асвоеная. З 2016 года кампанія ў якасці трэйдара ўдзельнічае ў біржавых таргах у секцыях "Газ прыродны" і "Нафтапрадукты". За гэты час прададзена больш за 1 млрд куб.м уласнага прыроднага газу. Асвойваюцца новыя формы гандлю, стабільна нарошчваецца аб'ём продажаў газу. У 2020-м ён падвоіўся. На гэтым рынку "Янгпур" становіцца ўсё больш значным іграком", - звярнулі ўвагу на прадпрыемстве.

Спецыялісты называюць "Янгпур" драйверам росту даччыных прадпрыемстваў "Беларуснафты", размешчаных у Заходняй Сібіры. Па аб'ёме інвестыцый і прыбытковасці паўночную здабыўную кампанію ўжо можна супаставіць з нафтагазаздабыўным упраўленнем "Рэчыцанафта" ў Беларусі. "Адна са стратэгічных задач - да 2026 года перасягнуць па аб'ёме здабычы вуглевадародаў узровень беларускага рэгіёна. Ёсць планы на куплю іншых плошчаў, якія прымыкаюць да актываў "Янгпура", - адзначылі ў прэс-службе.

ААТ "НК "Янгпур" прадстаўляе "Беларуснафта" на расійскім рынку з 2013 года. Вядзе пошук, разведку і распрацоўку радовішчаў, размешчаных у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе. Сярод асноўных відаў дзейнасці - здабыча нафты, газу, газавага кандэнсату, першасная перапрацоўка нафты, пастаўка вуглевадароднай сыравіны і прадуктаў яе перапрацоўкі прадпрыемствам Расіі і іншых краін.-0-

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ